РЭСПУБЛІКА́НСКІ ПАЛА́Ц КУЛЬТУ́РЫ ПРАФСАЮ́ЗАЎ.

Пабудаваны ў 1954 (арх. У.​Яршоў) у Мінску на праспекце Ф.​Скарыны ў духу неакласіцызму. Да 1998 наз. Палац культуры Белсаўпрофа. Гал. фасад, вырашаны ў выглядзе 10-калоннага порціка, увянчанага франтонам са скульпт. групамі (скульпт. В.​Папоў, А.​Глебаў, С.​Селіханаў), арыентаваны на Кастрычніцкую плошчу. Прамавугольны ў плане будынак мае строга сім. аб’ём, па перыметры абрамлены калонамі і паўкалонамі карынфскага ордэра. Знутры порцік аздоблены кесонным скляпеннем. Аналагічна вырашаны тыльны фасад. Над складаным карнізам бакавых фасадаў па 3 франтоны, упрыгожаныя пінаклямі. Разнастайныя дэкар. элементы класічнай спадчыны выкарыстаны ў інтэр’ерах залаў — глядзельнай (на 670 месцаў), танц. і лекцыйнай, у фае, холах. У палацы працуюць выяўл. студыя, школы эстэт., інтэлектуальна-лагічнага выхавання, гурткі замежных моў і інш.; нар. калектывы (хар. капэла, ансамблі танца «Вясёлка», узорны — «Равеснік», сімф. арк. «Рычыкар», т-р гульні «Вечнае дзяцінства» і інш).

А.​А.​Воінаў.

Рэспубліканскі палац культуры прафсаюзаў.

т. 14, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)